ВІ́ЦЕБСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў Віцебску ў 1808—1918. Засн. на базе 5-класнага нар. вучылішча. Была пад папячыцельствам Віленскай навучальнай акругі (у 1829—50 Беларускай навучальнай акругі, у 1850—64 Пецярбургскай). Тэрмін навучання 7, з 1871 — 8 гадоў. Рыхтавала навучэнцаў да паступлення ва ун-т. Напачатку прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 толькі дваран і чыноўнікаў. Выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польск., рус., лац., грэч., франц., ням. мовы, фізіка-матэм. і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У розныя часы выкладчыкамі працавалі А.П.Сапуноў, М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, браты М. і В. Чысцяковы і інш. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі І.І.Гарбачэўскі, Т.Заблоцкі, Я.Вуль, Л.Шапялевіч і інш. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64. За час існавання гімназія падрыхтавала каля 3 тыс. юнакоў. Скасавана дэкрэтам ВЦВК ад 16.10.1918.

С.В.Сяліцкі.

т. 4, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)